ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЙ ВЕТЭРЫНАРЫ́І ІНСТЫТУ́Т імя С.М.Вышалескага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
рэспубліканскае навук.-даследчае унітарнае прадпрыемства. Засн. ў 1930 на базе Бел. дзярж. ветэрынарна-бактэрыял. ін-та, які знаходзіўся ў Віцебску. Мае аддзелы: туберкулёзу і лейкозу, вірусных і прыродных інфекцый, мікрабіялогіі і калекцыі мікраарганізмаў, паразіталогіі, незаразных хвароб, экалогіі і вет. санітарыі, хвароб птушак, пчол і рыб; лабараторыі: культур клетак і пажыўных асяроддзяў, навук.-тэхн. інфармацыі і патэнтазнаўства. Аспірантура (з 1968), савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне заканамернасцей інфекцыйнага і эпізаатычнага працэсаў пры інфекц. захворваннях жывёл — дыягностыка, лячэнне, прафілактыка і ліквідацыя інфекц., паразітарных і незаразных хвароб с.-г. жывёл, птушак, рыб і пчол; забеспячэнне біял. бяспекі прадукцыі жывёлагадоўлі; устанаўленне прычын і прафілактыка бясплоддзя жывёл і падзяжу маладняку с.-г. жывёл. Ін-там атрымана 75 аўтарскіх пасведчанняў і 15 патэнтаў, укаранёна ў практыку больш за 300 навук. прапаноў, 13 дыягностыкумаў, 35 вакцын, 19 фармацэўтычных прэпаратаў. Выпускае перыяд. зб-кі «Ветэрынарная навука — вытворчасці» (з 1960) і «Дасягненні ветэрынарнай навукі і перадавога вопыту — жывёлагадоўлі» (з 1974). Выдаў больш за 100 кніг і манаграфій, у т. л. «Туберкулёз сельскагаспадарчых жывёл» М.К.Юскаўца (1963), «Даведнік па ветэрынарнай і медыцынскай паразіталогіі» Р.С.Чабатарова (1971), «Бруцэлёз буйной рагатай жывёлы і барацьба з ім» Г.А.Аб’едкава (1977), «Туберкулёз сельскагаспадарчых жывёл і птушак» Р.У.Тузавай (1983), «Шаленства жывёл» М.Р.Таршыса, М.А.Кавалёва і П.П.Кузняцова (1990), «Хваробы буйной рагатай жывёлы і свіней» (2003) і інш. У ін-це працавалі акадэмікі Нац. АН Беларусі Х.С.Гарагляд, Р.С.Чабатароў, М.К.Юскавец, працуе М.А.Кавалёў, 12 дактароў навук.
т. 18, кн. 1, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)